Адкрыць асноўныя матэрыялы

БІБЛІЯ ЗМЯНЯЕ ЖЫЦЦЁ

«Зараз я ўжо не лічу, што павінен змяніць свет»

«Зараз я ўжо не лічу, што павінен змяніць свет»
  • ГОД НАРАДЖЭННЯ: 1966

  • КРАІНА: ФІНЛЯНДЫЯ

  • У МІНУЛЫМ: ГРАМАДЗЯНСКІ АКТЫВІСТ

АЎТАБІЯГРАФІЯ

Я з дзяцінства люблю прыроду. Наша сям’я часта выязджала за горад, каб палюбавацца цудоўнымі лясамі і прыгожымі азёрамі, якія знаходзяцца недалёка ад майго роднага горада, Ювяскюля, у Цэнтральнай Фінляндыі. Таксама я вельмі люблю жывёл. У дзяцінстве мне хацелася абняць кожнага ката і сабаку, якіх я бачыў! Калі я падрос, мяне вельмі засмучала, што многія людзі дрэнна абыходзяцца з жывёламі. З часам я далучыўся да таварыства аховы жывёл, дзе сустрэў сваіх аднадумцаў.

Мы актыўна змагаліся за правы жывёл: распаўсюджвалі інфармацыю на гэту тэму, а таксама праводзілі маршы пратэсту і дэманстрацыі, мы выступалі супраць гандлю футравымі вырабамі і супраць лабараторных доследаў на жывёлах. Мы нават стварылі сваю арганізацыю па ахове жывёл. Паколькі мы, як правіла, ужывалі радыкальныя метады барацьбы, у нас часта ўзнікалі праблемы з уладамі. Некалькі разоў мяне арыштоўвалі і судзілі.

Але я непакоіўся не толькі пра жывёл, мяне хвалявалі і іншыя сусветныя праблемы. Неўзабаве я стаў членам некалькіх арганізацый, у тым ліку «Міжнароднай амністыі» і «Грынпісу». Усе свае сілы я засяродзіў на падтрымцы іх дзейнасці. Я выступаў у абарону бедных, галодных і іншых абяздоленых.

Аднак паступова я пачаў усведамляць, што не магу змяніць гэты свет. І хаця такія арганізацыі вырашалі некаторыя малыя праблемы, значныя праблемы, здавалася, толькі павялічваліся. Было такое адчуванне, быццам сілы зла паглынулі ўвесь свет і нікому няма справы да гэтага. Я востра адчуў сваю бездапаможнасць.

ЯК БІБЛІЯ ЗМЯНІЛА МАЁ ЖЫЦЦЁ

Я адчуваў сваё бяссілле і пачаў задумвацца пра Бога і Біблію. Калісьці я вывучаў Біблію са Сведкамі Яговы. Мне падабалася, што Сведкі былі добрыя і ўважлівыя да мяне, аднак тады я не быў гатоў змяняць сваё жыццё. Але ў гэты раз усё было па-іншаму.

Я адшукаў сваю Біблію і пачаў яе чытаць. Гэта было нібы гаючы бальзам на маё зраненае сэрца. Я заўважыў, што Біблія вучыць з дабрынёй абыходзіцца з жывёламі. Напрыклад, у Выслоўях 12:10 гаворыцца, што «справядлівы рупіцца аб жыцці жывёлы сваёй». Я таксама ўсвядоміў, што Бог не вінаваты ў бедах чалавецтва. Праблемы павялічваюцца таму, што большасць людзей не прытрымліваюцца Божага кіраўніцтва. Мяне вельмі кранула тое, што я даведаўся пра любоў і доўгацярпенне Яговы (Псальм 103:8—14).

Прыкладна ў гэты час я знайшоў купон для заказу кнігі «Чаму на самай справе вучыць Біблія?» і адправіў яго. У хуткім часе да мяне прыйшлі два Сведкі і прапанавалі вывучаць Біблію. Я згадзіўся. Таксама я стаў наведваць хрысціянскія сустрэчы ў Зале Царства. Дзякуючы гэтаму біблейская ісціна пачала ўкараняцца ў маім сэрцы.

Біблія дапамагла мне змяніць сваё жыццё. Я кінуў паліць і напівацца, упарадкаваў свой знешні выгляд і перастаў брыдкасловіць. Акрамя таго, я змяніў сваё стаўленне да ўлад (Рымлянаў 13:1). Таксама я пакінуў амаральны лад жыцця — раней для мяне не было ніякіх забаронаў.

Цяжэй за ўсё было змяніць сваё стаўленне да грамадскіх арганізацый. Гэта адбылося не за адзін дзень. Спачатку мне здавалася, што я буду здраднікам, калі перастану ўдзельнічаць у іх дзейнасці. Але з часам я зразумеў, што толькі Царства Бога можа даць свету сапраўдную надзею. І я вырашыў накіраваць усе свае намаганні на падтрымку гэтага Царства і дапамагчы іншым даведацца пра Ягову (Мацвея 6:33).

ЯК ПАЛЕПШЫЛАСЯ МАЁ ЖЫЦЦЁ

Калі я быў актывістам, я прызвычаіўся падзяляць людзей на добрых і дрэнных і быў гатоў змагацца з тымі, каго лічыў дрэннымі. Але дзякуючы Бібліі я больш не адчуваю пякучай нянавісці да іншых. Наадварот, я імкнуся развіваць да ўсіх людзей хрысціянскую любоў (Мацвея 5:44). І адна з магчымасцей праяўляць такую любоў — гэта дзяліцца з іншымі добрай весткай пра Царства Бога. Я рад бачыць, як гэта дзейнасць прыносіць людзям мір і шчасце і дорыць сапраўдную надзею.

З той пары, як я навучыўся давяраць Ягове, я набыў душэўны спакой. Я ўпэўнены, што, як Творца, ён не дапусціць, каб над людзьмі і жывёламі здзекваліся бясконца і каб наша цудоўная планета была знішчана. З дапамогай свайго Царства ён у хуткім часе верне страту, якую панеслі зямля і людзі (Ісая 11:1—9). Мне прыносіць вялікае задавальненне не толькі ведаць гэтыя ісціны, але і дапамагаць іншым развіць веру ў іх. Цяпер я ўжо не лічу, што павінен змяніць свет.